СКО́РАСЦЬ СВЯТЛА́ ў вакууме,

скорасць распаўсюджвання эл.-магн., у т. л. светлавых, хваль у свабоднай прасторы (вакууме); адна з фундаментальных фізічных пастаянных. Максімальна магчымая (лімітная) скорасць распаўсюджвання любых фіз. узаемадзеянняў і інварыянтная пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да іншай (гл. Адноснасці тэорыя). Роўная: c = 299 792 458 м/с (дакладна).

С.с. ў матэрыяльным асяроддзі залежыць ад паказчыка пераламлення, рознага для розных частот (даўжынь хваль) выпрамянення (гл. Дысперсія хваль). С.с. вызначыў у 1676 О.​К.​Ромер па зменах прамежкаў часу паміж зацьменнямі спадарожнікаў Юпітэра. Доследы А.​І.​Фізо, Ж.Б.​Л.​Фуко, А.​А.​Майкельсана і інш. па вымярэнні С.с. адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні электрадынамікі і выяўленні эл.-магн. (хвалевай) прыроды святла. С.с. ўваходзіць у асн. ўраўненні і суадносіны электрадынамікі, оптыкі і рэлятывісцкай механікі, а яе дакладнае значэнне выкарыстоўваецца для вымярэння адлегласцей у радыё- і аптычнай лакацыі, сістэмах сачэння ШСЗ і інш.

Літ.:

Вафиади В.Г., Попов Ю.В. Скорость света и ее значение в науке и технике. Мн., 1970.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)